помнік архітэктуры віленскага барока ў г. Талачын Віцебскай вобл. Храм Талачынскага манастыра базыльян. Засн. ў 1604 Л.Сапегам. З 19 ст.правасл. Пакроўская царква. 3-нефавая базіліка з 2-вежавым гал. фасадам. Прамавугольны цэнтр. неф завершаны на тарцах фігурнымі атыкавымі франтонамі. Адметнасць гал. фасаду надаюць увагнутыя прасценкі і багатая ордэрная пластыка: ступеньчатыя пілястры, раскрапаваныя слаістыя карнізы, складаныя па форме праёмы, нішы, абрамленні і інш. Бакавыя фасады вырашаны плоскасна. Руставаная цокальная ч. і завяршэнні вежаў (верхнія ч. перабудаваны ў 19 ст.) маюць класіцыстычную трактоўку. У інтэр’еры ўнутр. слупы-апоры аформлены спаранымі пілястрамі з антаблементамі. Алтарная ч. аддзелена мураваным іканастасам 18 ст. Антаблементы. падпружныя аркі і арачныя праёмы аздоблены паліхромнай размалёўкай. У 1993 царква адрэстаўрыравана.